Software as a Service

Праграмнае забеспячэнне як паслуга (ад англ.: software as a service (SaaS); таксама англ.: software on demandпраграмнае забеспячэнне па патрабаванні) — адна з формаў воблачных вылічэнняў, мадэль абслугоўвання, пры якой падпісчыкам даецца гатовае прыкладное праграмнае забеспячэнне, якое цалкам абслугоўваецца правайдарам. Пастаўшчык у гэтай мадэлі самастойна кіруе праграмай і дае заказчыкам доступ да функцый з кліенцкіх прылад, як правіла праз мабільную праграму або вэб-браўзер.

Асноўная перавага мадэлі SaaS для спажыўца паслугі складаецца ў эканоміі коштаў, звязаных з усталяваннем, абнаўленнем і падтрыманнем працаздольнасці абсталявання, а таксама праграмнага забеспячэння, якое на ім працуе.

У мадэлі SaaS:

  • праграма прыстасавана для аддаленага выкарыстання;
  • адной праграмай карыстаецца некалькі кліентаў;
  • аплата бярэцца альбо ў выглядзе штомесячнай абаненцкай платы, альбо на аснове аб’ёму аперацый;
  • тэхнічная падтрымка праграмы ўключана ў аплату;
  • мадэрнізацыя і абнаўленне праграмы адбываецца аператыўна і празрыста для кліентаў.

Як і ва ўсіх формах воблачных вылічэнняў, кліенты плацяць не за валоданне праграмным забеспячэннем, а за яго арэнду (гэта значыць за яго выкарыстанне праз мабільную праграму або вэб-інтэрфейс). У адрозненне ад класічнай схемы ліцэнзавання праграмнага забеспячэння, заказчык нясе параўнальна невялікія перыядычныя выдаткі, і ён не павінен інвеставаць значныя сродкі ў набыццё праграмы і неабходных праграмна-платформавых і апаратных сродкаў для яе разгортвання, а затым падтрымліваць яе працаздольнасць. Схема перыядычнай аплаты прадугледжвае, што калі неабходнасць у праграмным забеспячэнні часова адсутнічае, то кліент можа прыпыніць яго выкарыстанне і замарозіць выплаты распрацоўшчыку.

З пункту гледжання распрацоўшчыка некаторага прапрыетарнага ПЗ мадэль SaaS дазваляе эфектыўна змагацца з неліцэнзійным выкарыстаннем праграмнага забеспячэння, паколькі праграма не трапляе да канечных заказчыкаў. Акрамя таго, канцэпцыя SaaS часта дазваляе паменшыць выдаткі на разгортванне і ўкараненне сістэм тэхнічнай і кансультацыйнай падтрымкі прадукту, хоць і не выключае іх цалкам.


© MMXXIII Rich X Search. We shall prevail. All rights reserved. Rich X Search